Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Публикация, «Настаўніцкая газетa».

Дата: 12 января в 15:26, Обновлено 16 января в 13:54
118 просмотров

Па дарозе да ведаў. Добрая тэндэнцыя.

Адскануй QR-код - вывучы гісторыю роднага краю: так ненадакучліва моладзь ельскай сярэдняй школы № 1 далучаюць да гістарычнай і культурнай спадчыны.

На Ельшчыне ведаць усё пра гісторыю роднага краю: школьнікам дапамагаюць педагогі і робяць гэта на сучасны лад - з дапамогай найноўшых тэхналогій. Так, у сярэдняй школе № 1 функцыянуе інтэрактыўная галерэя «Іх імёнамі названы вуліцы Ельска». Кожны экспанат мае QR-код, адсканаваўшы які, за лічаныя секунды знаёмішся з гістарычнай асобай. Можна смела сцвярджаць, што школьнікі дакладна ведаюць імёны і прозвішчы, лёс герояў, у гонар якіх названы вуліцы горада. Падрабязней пра школьныя традыцыі – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Гартаючы старонкі гісторыі

Імкліва развіваецца час высокіх тэхналогій, у руках кожнага з нас гаджэт, менавіта на гэтым зрабілі акцэнт педагогі сярэдняй школы №1 Ельска. У фае другога паверха невыпадкова размясцілі інтэрактыўную галерэю «Іх імёнамі названы вуліцы Ельска». Настаўніца матэматыкі Вольга Зоз з гонарам прадстаўляе калекцыю партрэтаў герояў - вядомых людзей, імёны якіх на слыху, мабыць, у кожнага мясцовага жыхара без выключэння.

— Ідэя стварэння дадзенай калекцыі была невыпадковая: мы ж павінны памятаць гісторыю, беражліва ставіцца да кожнага кутка нашай планеты, памнажаць усё тое, што створана да нас і для нас, і, вядома, расказваць пра гэта маладому пакаленню дзяцей, — гаворыць Вольга Пятроўна. - Кожнае дзіця без працы можа ўзяць у рукі тэлефон на перапынку, навесці QR-код і атрымаць дастаткова шмат карыснай інфармацыі аб вядомых людзях. Такіх, напрыклад, як Ян Налепка (яго імем названа не толькі вуліца ў Ельску, але і яго імя ганарліва носіць піянерская дружына нашай школы), дзеці якой робяць усё неабходнае для захавання гістарычнай праўды, дапамагаюць у добраўпарадкаванні памятных месцаў і мемарыялаў. Славацкі герой пакінуў добрую аб сабе памяць на Ельшчыне. Ён змагаўся за свабоду і мір, дапамагаў ельскім партызанам у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На алеі можна больш падрабязна даведацца пра подзвігі савецкага лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Камарова, пра военачальніка, двойчы Героя Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага. Спіс такіх людзей працяглы, і казаць пра іх можна і трэба шмат. Нашы выхаванцы павінны разумець, што жыццё працягваецца. I для таго каб не былі вычарпаны ўспаміны пра мінулае, мы проста абавязаны памятаць і шанаваць памяць людзей, якія змагаліся за мірнае неба над нашай галавой.

Актыўна ўключаны ў асветніцкую і патрыятычную работу хлопчыкі і дзяўчынкі з класа міратворцаў. Навучэнец Зміцер Амяльчук яшчэ шасцікласнік, але разважае як сапраўдны грамадзянін. Ён знаёміць са школьнымі праектамі і напрацоўкамі і шмат гаворыць аб тым, як педагогі дапамагаюць зразумець гісторыю роднага краю.

- Без мінулага няма будучыні, - з вуснаў шасцікласніка Зміцера гэтая звыклая дарослая фраза гучыць па-новаму. - Вывучаючы гісторыю роднага краю, аддаём даніну павагі ўсім, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ўсім, хто зладжана працаваў у мірны час. У школе праводзіцца вялікая даследчая праца, вынікам якой становяцца праекты, у якіх адсочваецца няпросты шлях людзей і вайсковага часу.

160 гадоў – наперад

Родная школа - гэтыя словы адклікаюцца светлым пачуццём у душы абсалютна кожнага чалавека. Зусім нядаўна сярэдняя школа №1 адзначыла 160-гадовы юбілей. Праз дзясяткі гадоў, азіраючыся назад, сённяшнія настаўнікі так душэўна гавораць аб сваёй роднай установе. Памяць і гісторыю храма ведаў беражліва захоўваюць у музейнай экспазіцыі, якая ўнікальная сваімі экспанатамі. Так, тут захоўваюцца пропіс навучэнкі-першакласніцы 1985 года, чорна-белыя здымкі і іншыя рарытэтныя рэчы. Дарэчы, на адным са здымкаў - педагагічны калектыў, а за ім - фундамент будучай школы, у цэнтры кадра - дырэктар Мікалай Талецкі.

- Гісторыя школы пачынаецца ў далёкім 1863 годзе, і ўжо тады яна стала найгалоўным культурна-адукацыйным аб'ектам у горадзе, на той час у школе быў набраны ўсяго адзін клас і працаваў адзін настаўнік, - знаёміць з гісторыяй установы Вольга Зоз. - У 1928 годзе ў Ельску ўзводзіцца новы цагляны двухпавярховы будынак сямігадовай школы, а ў 1936 годзе - 10-годка. У 1929-м на Ельшчыне ўводзіцца абавязковае 4-класнае навучанне. У 1944 годзе пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў было прынята рашэнне аб арганізацыі працы школ горада і раёна. Вельмі хутка быў зроблены перапіс дзяцей школьнага ўзросту, рамонт памяшканняў, і пачаліся заняткі. У 1966 годзе школа пераходзіць у новы трохпавярховы будынак па вуліцы Ленінскай, у школу паступіла вельмі шмат дзяцей - 1500 навучэнцаў. Заняткі вялі ў дзве змены, у кожнай паралелі было па пяць класаў і ў сярэднім па 42 вучні ў класе. Першым дырэктарам быў Павел Сарокін. Былы вайсковец выкладаў матэматыку. Пасля кіраваў школай Мікалай Талецкі. Ён запомніўся калегам як сумленны, справядлівы, высокакультурны чалавек, высакакласны настаўнік-матэматык, граматны і тактоўны кіраўнік. Праз 8 гадоў дырэктарам становіцца Ірына Тоўкач - чалавек адказны, моцны матэматык, заслужаны настаўнік Беларусі. Яна заўсёды падтрымлівала творчыя пачынанні калег і сама была ініцыятарам, творчым натхняльнікам многіх мерапрыемстваў у школе. Таксама ў свой час дырэктарамі школ былі Генадзь Гендзельман, Вера Кольчанка, Аляксандр Дзянісаў, Валянціна Хамутоўская. Цяпер кіруе ўстановай Зоя Дражына.

?

За дзясяткі гадоў існавання школы змянілася шмат чаго: ад матэрыяльна-тэхнічнай базы да педагагічных падыходаў і стандартаў у навучанні, але нязменным застаюцца высокія стандарты адукацыйнага працэсу. Самым галоўным гонарам кожнага дырэктара школы - педагагічны творчы калектыў. За 160 гадоў са сцен школы выйшла шмат выпускнікоў, якія працуюць у розных сферах. Ёсць выдатныя ўрачы, педагогі, работнікі сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі культуры і мастацтва, кожным з іх ганарацца на малой радзіме. Выхаванцы выбіраюць свой прафесійны шлях, і кожны захоўвае вельмі цёплыя ўспаміны аб школьных гадах. Вось і сёння педагогі дастойна нясуць эстафету папярэднікаў – сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, стараючыся ісці ў нагу з часам, працаваць над тым, каб са школы выходзілі не толькі высокаадукаваныя выпускнікі, але і гарманічна развітыя асобы і дастойныя грамадзяне нашай краіны.

На асабістым досведзе

З удзячнасцю школу ўспамінае і цяперашні дырэктар Зоя Дражына. Бо веды Зоі Уладзіміраўне , выпускніцы гэтай установы 1985 года, спатрэбіліся пры выбары будучай прафесіі. Усё яе жыццё звязана са школай, з дзецьмі. Калісьці маленькай школьніцай яна смела пераступiла школьны парог, а зараз таксама ўпэўнена кіруе і вучыць рабят шанаваць і паважаць педагогаў, з падзякай прымаць веды. Вось ужо 36 гадоў яна, пэўна, варта абранаму прафесійнаму шляху, спачатку працавала настаўнікам пачатковых класаў, пасля двухгадовай перападрыхтоўкі - настаўнікам-дэфектолагам.

— Дзеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрэбна дапамога ў галіне развіцця гаворкі, маўлення, навучання, выхавання і сацыялізацыі дзяцей, — кажа Зоя Уладзіміраўна. - Гэта вельмі складаная праца. Прафесія настаўніка -дэфектолага знаходзіцца на стыку медыцыны і педагогікі, уключае ў сябе мноства спецыяльнасцяў, але ж галоўны сэнс – трэба імкнуцца скарэктаваць прычыну ўзнікнення цяжкасці, а таксама парушэння функцый.

- Узначальваць школу, у якой самі вучыліся - вялікая адказнасць?

- Калі прыйшла працаваць у школу, настаўнікаў, якія яшчэ вучылі мяне, было няшмат, калектыў змянялі новыя кадры, і ў ролі вучаніцы я сябе не адчувала, - успамінае суразмоўніца. - Лічу, для таго каб стаць кіраўніком, трэба прайсці ўсе ступені адукацыі. Так, працяглы час, а дакладней 17 гадоў, працавала ў школе-інтэрнаце, дзе вялікі вопыт набыла менавіта ў якасці настаўніка-дэфектолага. Кіраўнік школы-інтэрната нягледзячы на патрабавальнасць, стаў для мяне шмат у чым прыкладам. У працы імкнуся займаць пазіцыю аб'ектыўнасці, бо ў калектыве ўсе роўныя. Лічу, што толькі так – адной камандай аднадумцаў - можна шмат чаго дасягнуць і дабіцца.

УРЭЗКА

У сярэдняй школе № 1 г. Ельска навучаецца 298 дзяцей, адукацыйны працэс ажыццяўляе 38 настаўнікаў, з іх з вышэйшай катэгорыяй - 26 педагогаў, першай - 6, што складае 84%.

- У нас згуртаваны, дасведчаны працоўны калектыў, які выбудоўвае працу з моладдзю па ўсіх адукацыйных кірунках. Ганарымся дасягненнямі ў спорце, дзякуючы педагогам - настаўнікам фізічнай культуры, кіраўніку па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. 6 гадоў запар на раённым узроўні навучэнцы школы заваёўваюць кубак за спартыўныя заслугі. Акрамя таго, заўсёды рады падзяліцца сваімі напрацоўкамі і методыкамі з калегамі. На базе школы часта праходзяць семінары, якія аб'ядноўваюць педагогаў раёна і вобласці. Так, пастаянны ўдзельнік педагагічных сустрэч настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Хамутоўская, якая транслюе вопыт не толькі ў сценах роднай установы, але і дзеліцца прафесійным майстэрствам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Не адстаюць ад настаўнікаў і вучні, кожны выхаванец імкнецца праявіць сябе і свае здольнасці. Для дзяцей арганізавана 22 факультатыўныя заняткі, у 11- м класе 2  група дзяцей вывучае на павышаным узроўні хімію і біялогію, у 10-м - фізіку і матэматыку. Група ваенна-патрыятычнай накіраванасці арыентавана накіравана на духоўна-маральнае, інтэлектуальнае, культурнае і фізічнае развіццё навучэнцаў.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА

Фота аўтара

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.